Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа

IMG_1047Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа — адзін з найстарэйшых прафесійных беларускіх тэатраў. Адкрыўся 21 лістапада 1926 г. у Віцебску як Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр (БДТ-2). Ва ўрачыстасцях з гэтай нагоды прынялі ўдзел Янка Купала, Райніс, Францішак Аляхновіч, Цішка Гартны, Кузьма Чорны.

     Тэатр створаны з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Першапачаткова рэпертуар тэатра складаўся з пастановак, падрыхтаваных у гэтай студыі. Першы спектакль — «У мінулы час» І. Бэна. Студыяй таксама былі падрыхтаваныя для тэатра спектаклі «Цар Максіміліян» у апрацоўцы А. Рэмізава і М. А. Міцкевіча, «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра, «Эрат і Псіхея» Е. Жулаўскага, «Вакханкі» Еўрыпіда. У канцы 1920-х гадоў у тэатры здзейснены пастаноўкі «Разліў» Б. А. Лаўранёва, «Першая конная» В. Вішнеўскага.

     У 1930-я гады на сцэне тэатра побач з творамі сучаснай і рэвалюцыйнай тэматыкі, сярод якіх асабліва вылучаўся спектакль «Гібель эскадры» А. Карнейчука, ставіліся п’есы класічнай драматургіі — «Дзеці Ванюшына» С. Найдзёнава, «Мяшчане» М. Горкага, «Лес» і «Беспасажніца» А. Астроўскага, «Лекар мімаволі» Мальера, «Здані» Г. Ібсена. У гэтыя гады пачаўся зварот тэатра да беларускай драматургіі. Былі пастаўлены спектаклі «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Ірынка» К. Чорнага і «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка. Плённым стала супрацоўніцтва тэатра з Я. Купалам і Я. Коласам. Былі ажыццёўлены пастаноўкі «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я. Коласа; «Паўлінкі» і «Прымакоў» Я. Купалы (творы Купалы разам з вадэвілем В. Дуніна-Марцінкевіча склалі спектакль «Вечар беларускіх вадэвіляў»). Менавіта драматургія Я. Купалы і Я. Коласа ўпершыню далучыла акцёраў да спасціжэння на сцэне беларускага нацыянальнага характару. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны на сцэне тэатра быў пастаўлены «Несцерка» В. Вольскага, які на працягу ўсіх далейшых гадоў стаў своеасаблівым сімвалам тэатра.

     У гады Вялікай Айчыннай вайны з 1941 года тэатр працаваў ва Уральску, а затым (1943—1944) — у Арэхава-Зуева. У кастрычніку 1944 года тэатр вярнуўся ў Віцебск.

     21 снежня 1944 года тэатру прысвоена імя Якуба Коласа. У 1946 годзе за спектакль «Несцерка» В. Вольскага тэатра прысуджана Сталінская прэмія. З 1964 года тэатр працуе ў будынку на плошчы Тысячагоддзя (да 1974 называлася Тэатральнай) Віцебска (пабудаваны ў 1958 г., арх. А. Максімаў, І. Рыскіна). У 1977 годзе тэатру прысвоена званне акадэмічнага, у 2001 г. — нацыянальнага.

     Сучасны будынак тэатра (архітэктары А. Максімаў і І. Рыскіна) пабудаваны ў 1958 годзе. Галоўным фасадам звернуты да плошчы 1000-годдзя Віцебска (раней — Тэатральная плошча). Галоўны фасад у выглядзе васьмікалоннага дарычнага порціка, завершанага трохкутным франтонам. Бакавыя фасады ўпрыгожаны рустам, пілястрамі. Задні фасад вырашаны ў выглядзе чатырохколоннага порціка. Трох’ярусная глядзельная зала з партэрам і двума балконамі ўмяшчае 758 гледачоў.

     Будынку тэатра нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь трэцяй катэгорыі.

Пакінуць каментар